диаспора РБ Минск Менск белорусская диаспора
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўшчына


Навіны (галоўная) Архіў навін Хто мы Хронiка дзейнасцi З'езды беларусаў свету Кантакты Банкаўскія рэквізіты Архіў бюлетэня
Гісторыя Галерэя дзеячаў База дадзеных Сайты дыяспары Перыёдыка Могілкі Помнікі
Грамадскія арганізацыі СМІ Дыпламатычныя прадстаўніцтвы Даведнік
"НІВА" "БЕЛАРУС" "Крывія"
Еўрапейскае радыё для Беларусі Радыё "Рацыя" "Радыё Швецыя" Радыё "Палонія" Deutsche Welle

90-БНР

Беларускі Інтэрнэт

Янка Запруднік

УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ

або

Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Найглыбейшая прага чалавека

  1. гэта патрэба быць ацэненым.

Аўтар няведамы

Тэму гэтых развагаў падказалі нараканьні, якія можна пачуць тут у Амэрыцы ад знаёмых беларусаў, што за пасыланыя ў Беларусь рэчы часта – ні слова ня тое што падзякі, а нават паведамленьня аб атрыманьні пасылкі. А пасылаецца вельмі шмат і вопраткі, і харчоў, і грошай, і розных іншых тавараў. Ды ня толькі з Амэрыкі, а й з Канады, Аўстраліі ды іншых краін. І не дзеля падзякі, а з добрай волі, з разуменьня, што людзям патрэбная дапамога. Тыя, хто гэтую дапамогу дастае, трэба думаць, цэняць яе. Але вось напісаць ліст аб атрыманым, падзякаваць за дабро ў шмат каго не атрымліваецца. І ўзьнікае загадкавае пытаньне – ЧАМУ МАЎЧАНЬНЕ? У чым сакрэт гэтай нематы? Займацца разгадкай чужое душы – заданьне даволі складанае,  але ў дадзеным выпадку патрэбнае. І нават карыснае. Вось жа гляньма, як выглядае гэтая справа з амэрыканскага берагу.

У Амэрыцы ў штодзённым жыцьці паўсюдна гучаць словы: Thank you; Thanks; I am grateful; I appreciate it (дзякую; падзяка; я ўдзячны; я цаню гэта).  У гэтай краіне выказваньне падзякі, нават за найменшы жэст дабразычлівасьці або ўвагі, сталася неад’емным элемэнтам культуры ўзаемадачыненьняў. Выказваньне падзякі гучыць і на вуліцы, і ў крамах, і ў урадавых установах. Выказваецца падзяка таксама й пісьмова. Калі чалавек пабываў на нейкай важнай урачыстасьці, або атрымаў падарунак ці паслугу, ён у шмат якіх выпадках дзякуе пісьмова. На аблягчэньне такога кроку прадаюцца адмыслова выдрукаваныя картачкі падзякі (Thank you Notes). Амэрыканцы кажуць “дзякую” за ўсякую паслугу, нават за камплімэнт: 

– У вас прыгожыя завушніцы.

– Дзякую.

Дзякуюць за пахвалу:

– У вашай хаце вельмі ўтульна.

– Дзякую.

Дзякуюць за ветлівасьць у чарзе:

– Калі ласка., праходзьце.

– Дзякую.

Беларусам, што прыяжджаюць у Амэрыку на пабыўку, гэта здаецца дзіўным. Адна мая знаёмая, калі прыехала ў адведкі й пачула ў дачыненьні да сябе “Thank you” ад жанчыны, якой яна саступіла дарогу ў краме, зьдзіўлена папыталася: “А за што яна мне падзякавала!?“ Давялося тлумачыць, што ў Амэрыцы дзякуецца нават за жэст ветлівасьці.

Тэма ўдзячнасьці – адвечная. Яна ня толькі адлюстраваная ў Бібліі – удзячнасьць Богу за жыцьцё, за дары зямныя. Яе асэнсавалі вялікія мысьляры старажытных Грэцыі й Рыму. Гэтак, старарымскаму красамоўцу Сэнэку належыць фраза “Няма нічога больш высакароднага за ўдзячнае сэрца”. Нехта склаў трапную сэнтэнцыю на манер Хрыстовай Нагорнай пропаведзі: Дабрашчасныя тыя, што могуць даваць, не запамінаючы, і атрымліваць, не забываючыся. Шмат залатых думак выказана на тэму ўдзячнасьці, якая як нішто іншае ўшляхотнівае міжлюдзкія дачыненьні.

У Амэрыцы тэма ўдзячнасьці грунтоўна распрацаваная псыхолягамі й пэдагогамі. Патрэба выказваньня ўдзячнасьці ўкарэньваецца ў штодзённым абыходку. Ёй прысьвячаюць увагу бацькі, настаўнікі, сьвятары, прапаведнікі. Літаратура на тэму ўдзячнасьці бясконца багатая як у Інтэрнэце, гэтак і ў бібліятэках ды кнігарнях. Шырокай папулярнасьцю апошнімі гадамі карыстаецца кніга прафэсара псыхалёгіі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Робэрта Эманса (Emmons) “Псыхалёгія ўдзячнасьці”. Эманс амаль дваццаць гадоў вывучаў псыхалёгію задаволенасьці/шчасьця. І прыйшоў да высновы, што важную ролю ў духовым камфорце чалавека выконвае пачуцьцё ўдзячнасьці. Але пачуцьцё  гэтае не прыроджанае. Яно не прыходзіць само сабой, не закладзена ў генах, яго трэба культываваць. “Вельмі важна падкрэсьліць, – кажа Эманс, – што быцьцё ўдзячным – гэта справа выбару. Удзячнасьць --  гэта стаўленьне (attitude), якое мы можам выбраць, ад якога паляпшаецца й наш быт і быт іншых людзей”. Чым больш праф. Эманс заглыбляецца ў гэтую тэму, тым больш прыходзіць да перакананьня, што ўдзячнасьць – найлепшы падыход да жыцьця.  Удзячнасьць, кажа ён, – гэта мастацтва душы.

Якія парады дае вучоны бацькам і настаўнікам на культывававаньне ў дзяцей, моладзі пачуцьця ўдзячнасьці? Некаторыя спосабы ведамыя даўно: быць прыкладам у паводзінах (role model), выказаваць бацькоўскую ўдзячнасьць, пасылаць пісьмовыя падзякі сваякам за падарункі, настаўнікам і тым, хто аказвае прыхільнасьць. Дапамагаюць іншыя канкрэтныя акты, як малітвы ўдзячнасьці за сталом або перад сном. Пэдагогі раяць студэнтам псыхалёгіі весьці адпаведны дзёньнік і запісваць у яго ўсе мамэнты адчуваньня ўдзячнасьці за атрыманыя рэчы або ўчынкі. Як вынік такой практыкі, па пэўным часе ў студэнтаў зьмяншаецца адчуваньне, што ўсё атрыманае імі НАЛЕЖЫЦЬ ім. Яны пачынаюць лепш разумець, што за ўсякім добрым учынкам стаіць нечыя дабразычлівасьць. У іх зьмяншаецца пачуцьцё эгаізму. Псыхалёгія сьведчыць, што культывуючы пачуцьцё ўдзячнасьці, павышаеш здольнасьць зьвяртаць увагу на тое, што табе дадзена ў падарунак.

Выдатны гуманіст і дабрачынец, ён жа ляўрэат Нобэлеўскае прэміі, Альбэрт Швайцэр мудра зазначыў: “Выхаваць у сабе пачуцьцё ўдзячнасьці значыць нічога ня браць за належнае, але заўсёды знайсьці й ацаніць тое, што за гэтым стаіць. Нічога ня робіцца само сабой. За ўсім стаіць жаданьне дабра, якое накіравана на цябе. Прывучы сябе ніколі не адкладаць словы ці ўчынак, каб выказаць удзячнасьць”.

Досьледы паказваюць, што пачуцьцё ўдзячнасьці дадае да суб’ектыўнага адчуваньня духовага дабрабыту. Апрача ўсяго, ад пачуцьця ўдзячнасьці – удзячнасьці за нагоду – можа нараджацца таксама ўсьведамленьне магчымасьці быць карысным свайму бліжняму (Маці Тэрэса) або свайму народу (патрыятызм, самаадданасьць нацыянальнай справе).

На ўдзячнасьць у ангельскай мове ёсьць некалькі слоў – gratitude, gratefulness,  thankfulness. Гэтае апошняе мае рэлігійнае адценьне – удзячнасьць Богу. Амэрыканцы штогод адзначаюць у апошні чацьвер лістапада традыцыйнае сьвята Thanksgiving Day (Дзень Падзякі). Традыцыя гэтая, што бярэ свой пачатак ад першых эўрапейскіх пасяленцаў  на гэтым кантынэнце, таксама дадае да ўмацаваньня пачуцьця ўдзячнасьці й выказваньня яе ў дачыненьні да іншых.

Пра беларусаў наагул ніяк ня скажаш, што яны няўдзячныя. Але ў шмат каго зь іх удзячнасьць нейкая палавінчатая. Яна, калі ёсьць, дык недзе ўнутры, у душы. Нейкія псыхалягічныя бар’еры перашкаджаюць ёй выйсьці навонкі, дайсьці да таго, каму яна належыць і хто рады быў бы яе пачуць.

У чым сакрэт? Прычыны тут могуць быць розныя. Адна зь іх – беднасьць. Хоць кажуць, што беднасьць – не загана, але яна гняце душу, нагнятае раны. І жэст падарункам з боку багацейшага амэрыканскага суродзіча закранае гэтую рану. У дадатак да ўсяго савецкая ўлада прывучыла людзей паўтараць: “У нас усё ёсьць”. Адсюль рэакцыя на падарунак: “Я ж не жабрак/жабрачка; мы не бяднейшыя”. Падарунак успрыймаецца як падачка, а не як выява дабразычлівасьці. Безумоўна, чалавеку з такім мэнталітэтам варушыць гэтую рану, пішучы падзяку, даволі пакутліва. Лепш прамаўчаць.

Ёсьць і іншыя прычыны няўдзячнасьці.

Часамі выглядае, што карыстальнік дабра не здабываецца на падзяку, бо бачыць у ёй нейкае прыніжэньне свае асобы. Дзякаваць для яго – гэта як быццам бы прызнаваць сваю залежнасьць ад дабрадзея, паказваць сваю слабасьць. Такое йдзе ад ганарлівасьці. Амэрыканскі прапаведнік ХІХ стагодзьдзя Гэнры Ўорд Бічэр трапна падмеціў гэты заганны бок характару: “Ганарлівы чалавек рэдка бывае ўдзячным чалавекам, бо ён ніколі ня думае, што яму дастаецца гэтулькі, колькі ён заслугоўвае”. А выказваньне ўдзячнасьці якраз спрыяе перамозе над ганарлівасьцю. Бо чым больш думаеш, што атрыманае ў падарунак належала табе, тым меншая магчымасьць, што ты будзеш удзячны за яго. Але калі ты сьціплы, калі разумееш сваю абмежаванасьць, тады больш шансаў, што атрыманае будзеш уважаць за падарунак і будзеш удзячны ахвярадаўцу.

Няўдзячнасьць ідзе й ад карысьлівасьці як выніку савецкай бездуховасьці й  матар’ялізму. Вось прыклад. Некаторыя з нас у Амэрыцы выдаткоўвалі час і грошы, каб дапамагчы незнаёмаму суродзічу ў атрыманьні палітычнага азылю. Дапамога давалася з думкай-надзеяй, што чалавек далучыцца да свае грамады, будзе нечым карысны ёй. Аказваецца, спадзяваньні былі дарэмнымі. Думаеце, шмат хто з такіх карыстальнікаў дабра патурбаваўся падзякаваць, хоць бы тэлефанічна, за намаганьні й выдаткі? Скончылася судовая справа, скончыўся кантакт. Чалавек зьнік, як у ваду кануў. Зьнікае й ахвота дапамагаць такім.

Пішучы пра ўсё гэта, я меў на ўвазе ня толькі маральны й этычны аспэкты праблемы, але й прагматычны бок дзеля дабра тых жа землякоў, што патрабуюць дапамогі. Паміж давальнікам і атрымальнікам павінен быць жывы кантакт. Трэба разумець важнасьць яго. І ягоную ролю ў стымуляваньні далейшае дапамогі з боку давальніка. Дапамога будзе тым больш спраўнай і шчодрай, чым лепш будуць разумець тыя, каму яна даецца, важнасьць псыхалягічнага й этычнага боку акту дабрадзейства.

 

№ 4, красавiк 2008
[ PDF ]
архіў бюлетэня
Запоўніць картку...

Па пытаннях беларусаў замежжа...

Па захаванні Беларускага дому...

15–16 снежня 2007
Беларуская эканамічная і палітычная мадэль: сучаснасць і перспектывы трансфармацыі:


Што рабіць з вёскай?
(дадана 17.01.08)

усе круглыя сталы

Віктар Кавалеўскі
Аўстралія і іміграцыя

Леанід Лыч
І на чужыне пачуваліся беларусамі

Леанід Лыч
Руская культура на Беларусі: плюс ці мінус?

Янка Запруднік
УДЗЯЧНАСЬЦЬ – МАСТАЦТВА ДУШЫ або Чаму беларусы ня ўмеюць дзякаваць?

Аляксандар Адзінец
Запавет эмігранта

 
Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары
zbsb [@] tut.by - zbsb [@] lingvo.minsk.by
Rating All.BY биографии белорусских писателей, мордкович