Хто мы
1. Асноўныя мэты
2. Асноўныя задачы
3. Выказваннi вядомых людзей
4. Прадмет дзейнасці
5. Сяброўства ў "Бацькаўшчыне"
6. Буйныя мерапрыемствы нашай арганiзацыi
Асноўныя мэты
• адраджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, краіны-маці для ўсіх беларусаў свету, кансалідацыя беларусаў як нацыі, роўнай сярод роўных у сусветнай супольнасці, выхаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў, клопат пра духоўнае і фізічнае захаванне беларускай нацыі;
• спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі;
• духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, захаванне і паглыбленне іх беларускасці;
• мацаванне дружбы з іншымі народамі, узаемнай зацікаўленасці, пазнанне гісторыі, культуры краінаў, дзе жывуць беларусы, выхаванне павагі да людзей іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць з беларусамі на іх Бацькаўшчыне.
Асноўныя задачы
• наладжванне пастаянных культурных, эканамічных, духоўных, арганізацыйных і іншых сувязяў паміж беларускай дыяспарай у свеце і Беларуссю;
• аказанне дапамогі беларусам іншых краін у арганізацыі і падтрымцы нацыянальна-культурнага жыцця, у абароне іх правоў як нацыянальнай меншасці ў іншых краінах, задавальненне іх культурных і інфармацыйных патрэбаў;
• заахвочванне навуковых даследаванняў па беларусазнаўству, вывучэнне здабыткаў беларускай дыяспары ў развіцці нацыянальнай культуры, даследаванне культурных сувязяў беларусаў з іншымі народамі;
• актывізацыя дзейнасці беларусаў за межамі Бацькаўшчыны, а праз іх і ўсёй сусветнай грамадскасці на пераадоленне вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і вырашэнне іншых жыццёва важных для Беларусі праблем; удзел у ажыццяўленні гэтай дзейнасці;
• спрыянне духоўнаму ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню паміж народамі, наладжванне эканамічных кантактаў і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і іншымі краінамі свету; мацаванне эканамічнага падмурку Рэспублікі Беларусь, прыцягненне замежных інвестыцый і навейшых тэхналогій у беларускую эканоміку;
• аказанне дапамогі замежным беларусам, якія апынуліся ў зонах ваенных канфліктаў, у сітуацыях, звязаных з масавым парушэннем правоў чалавека, а таксама з сітуацыямі, звязанымі з прыроднымі катастрофамі і іншымі экстрэмальнымі з’явамі;
• наладжванне ўсебаковых сувязяў з грамадскімі, рэлігійнымі і іншымі арганізацыямі і асобнымі грамадзянамі замежных краін дзеля дасягнення асноўных мэтаў аб’яднання;
• ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці.
Прадмет дзейнасці
•"Аб'яднанне намаганняў сяброў МГА "ЗБС "Бацькаўшчына і каардынацыя іх дзейнасці дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.
Буйныя мерапрыемствы нашай арганiзацыi
Першае Усебеларускае купалле (1991 г.);
Першы сход беларусаў блізкага замежжа (1992 г.);
З'езды беларусаў свету (1993,1997, 2001 гг.), выданне матэрыялаў з’здаў;
Аднаўленне вобраза Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай – нацыянальнага духоўнага сімвала
беларускага народа (1992 – 1997 гг.)
Выданне кнігі У.Арлова "Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны" (1997г.),
Здымкі фільма "Шлях да святыні", рэжысёр В.Шэвялевіч (1997 г.) – фільм стаў
прызёрам Брэсцкага міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў;
Правядзенне міжнародных канферэнцый "Культура і адукацыя беларускага замежжа"
(1994,1996, 1998, 2000 гг.), выданне матэрыялаў канферэнцый;
Стварэнне і арганізацыя дзейнасці Нацыянальнага грамадскага арганізацыйнага камітэта
"Беларусь - 2000";
Выданне кнігі “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы” на беларускай і англійскай
мовах у межах дзейнасці Аргкамітэта (2001 г.);
Стварэнне і арганізацыя работы Грамадскага камітэта па святкаванні 450-годдзя Рэфармацыі
ў Беларусі (2003 г.);
Правядзенне навуковых канферэнцый “Залаты век Беларусі” (2002 г.), “Рэфармацыя і грамадства.
16 стагоддзе” (2003 г.), выданне матэрыялаў канферэнцый;
Арганізацыя навуковых конкурсаў сярод маладых навукоўцаў па тэмах: “Рэфармацыя і грамадства.
16 стагоддзе” (2003 г.), на лепшы энцыклапедычны артыкул прысвечаны 60-годдзю Трэцяй
хвалі беларускай эміграцыі (2004 г.);
Арганізацыя серыі гістарычных віктарын у метро (2003 г.);
Правядзенне святкавання 85-гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі (2003 г.);
Правядзенне літаратурна-гістарычныя конкурсы сярод школьнікаў (2000 – 2004 гг.);
Арганізацыя аздараўленчага адпачынку беларускіх дзяцей (у тым ліку пераможцаў конкурсаў)
у Балгарыі\Турцыі\Чэхіі\Польшчы (1999-2004 гг.);
Выданне твораў дзяцей – пераможцаў конкурсаў, арганізаваных МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
(Беларусь – мая Бацькаўшчына (2001 г.), Мой родны кут як ты мне мілы... (2002 г.), Гістарычныя
вандроўкі (2003 г.), Я беларус і тым ганаруся (2004 г.), “Нашчадкі змагарнай славы (2004
г.);
Арганізацыя сумесна з літаратурным музеем М.Багдановіча мастацкіх выстаў дзіцячых
прац (2003 г., 2004 г.);
Заснаванне серыі кніг, прысвечаных беларускай дыяспары. Выданне першай серыйнай кнігі
“Месца выдання – Парыж” паводле часопісаў “Моладзь” 1948-1945 гг. (2004 г.);
выданне кніг:
-
Н.Арсенневай "Пад сінім небам" (1994),
-
Ф.Дастаеўскі “Аповесці, апавяданні” (2003 г.);
-
Ф. Дастаеўскі “Выбраныя творы” (2004 г.);
Ахвяраванні кніг бібліятэкам Беларусі, дыяспары, дзіцячым дамам;
Аказанне арганізацыйнай і метадычнай дапамогі арганізацыям беларускай Дыяспары ў замежжы;
Стварэнне архіва беларускай дыяспары;
Ушанаванне памяці грамадскіх дзеячаў Беларусі – устанаўленне памятных шыльдаў у будынку
былога Інбелкульта (2003 г.); удзел у стварэнні і ўстаноўцы памятнай шыльды Н.Арсенневай
на будынку былой Беларускай гімназіі ў Вільні (2004 г.);
Правядзенне круглых сталоў па гендэрнай тэматыцы сярод НДА Беларусі і Швецыі (2002
г., 2003 г.);
Правядзенне кампутарных курсаў для жанчын (2004 г.).;
Выпуск штомесячнага інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце” і дасылка па арганізацыям
беларускай дыяспары ў 20 краінах свету (2001-2004 г.г.).
Больш падрабязную iнфармацыю шукайте на старонцы Хронiка
Выказваннi вядомых людзей
Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" дапамагае ўсім нам не
забыць, адкуль наш род, не згубіць адзін аднаго, а значыць - не страціць нашай гістарычнай
перспектывы.
Уладзімір Арлоў
У маім перакананні "Бацькаўшчына" ў стане дапамагчы беларускаму
грамадству ўзысці на шлях, які будзе весці да абароны нацыянальнай тоеснасці, да змагання
за незалежную і суверэнную беларускую дзяржаўнасць.
Алесь Баршчэўскі
"Бацькаўшчына" вельмі патрэбна раскіданым па ўсім свеце беларусам,
бо без згуртавання, без інтэгральнага адраджэння культуры, мовы, эканомікі яны не змогуць
пабудаваць свой самастойны дом, не здолеюць захаваць сваю прысутнасць у свеце як асобная
нацыя.
Радзім Гарэцкі
Ва ўмовах выхаду Рэспублікі Беларусь у свет як самастойнай дзяржавы,
ЗБС "Бацькаўшчына" выконвае важную ролю ў кансалідаванні беларускай дыяспары вакол справы
эканамічнага і культурнага будаўніцтва ў Беларусі.
Янка Запруднік
"Бацькаўшчына" ёсць адлюстраванне нашай надзеі сабрацца ўсім разам.
Ірэна Каляда-Смірноў
У беларускім нацыянальным руху буйнейшай праблемай была адсутнасць
арганізацыі, якая дапамагала б суполкам землякоў у замежжы ў іх працы, спрыяла б збліжэнню
дыяспары з Радзімай. Бясспрэчна, такой арганізацыяй стала "Бацькаўшчына".
Вітаўт Кіпель
У мінулым і, напэўна, у будучым Згуртаванне "Бацькаўшчына" адыгрывала
і будзе адыгрываць цэнтральную ролю ў працэсе нацыянальнага адраджэння нашай Радзімы.
Барыс Кіт
ЗБС "Бацькаўшчына" - адзіная ў свеце арганізацыя, якая змагла аб'яднаць
пад нацыянальным сімвалам усіх беларусаў замежжа, якім неабыякавы лёс Айчыны.
Хведар Нюнька
Праз "Бацькаўшчыну" я пазнаў многіх цудоўных беларусаў у замежжы.
Яны захавалі і ўпрыгожылі сучаснай інтэлігентнасцю адвечную беларускую сціпласць, добразычлівасць,
кемлівасць і сумленнасць.
Станіслаў Шушкевіч
Сяброўства ў МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
1. Сябрамі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” могуць быць беларусы, а таксама прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, якія ўсведамляюць сябе беларусамі, незалежна ад грамадзянства.
2. Пры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” могуць дзейнічаць дзіцячыя і маладзёжныя суполкі, якія карыстаюцца ўсімі правамі за выключэннем права выбіраць і быць абранымі ў склад кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да дасягнення 18-гадовага ўзросту.
3. Прыём у сябры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўляецца па пісьмовай заяве (у якасці заявы можа быць прынята запоўненая рэгістрацыйная картка з уласным подпісам) Управаю МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ці кіруючым органам рэгіянальнай арганізацыі.
4. Сябры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” маюць права:
• вылучаць прадстаўнікоў, выбіраць і быць абранымі ў склад кіруючых ды іншых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”;
• атрымліваць інфармацыю пра дзейнасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і яго выбраных органаў;
• уносіць прапановы аб паляпшэнні дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”;
• уносіць добраахвотныя сяброўскія складкі;
• працаваць у рэгіянальных арганізацыях і браць удзел ва ўсіх справах МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”;
• удзельнічаць у стварэнні і працы рабочых груп па выкананні рашэнняў з’ездаў і выбарных органаў аб’яднання;
• карыстацца маральнай і матэрыяльнай падтрымкай МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”;
• свабодна выходзіць з МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
5. Сябры МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” абавязаны:
• выконваць патрабаванні гэтага Статута; рашэнні яго вышэйшага і выбарных органаў;
• адпавядаць сваёй дзейнасцю і паводзінамі мэтам і задачам МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”;
• пазбягаць учынкаў, якія б нанеслі матэрыяльныя страты ці шкоду дзелавой рэпутацыі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”;
• стаць на ўлік у рэгіянальнай арганізацыі ці Управе МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
6. Сяброўства ў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” можа быць спынена:
• паводле ўласнага жадання шляхам падачы заявы не пазней, чым за два тыдні да выхаду з аб’яднання;
• за парушэнне гэтага Статута рашэннем Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ці кіруючым органам рэгіянальнай арганізацыі. У выпадку нязгоды з рашэннем аб выключэнні сябра МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” можа апеляваць да вышэйстаячых кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, уключна да Вялікай Рады.
7. Званне “Ганаровы сябра Міжнароднага грамадскага аб’яднання” Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прысвойваецца рашэннем Малой Рады па прадстаўленні Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” вядомым нацыянальным дзеячам за заслугі перад беларускім народам у галіне культуры, грамадскага жыцця, эканомікі, навукі, за актыўную дзейнасць у справе нацыянальнага адраджэння беларускае нацыі.
8. Пры выхадзе або выключэнні з сяброў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” добраахвотныя сяброўскія складкі не вяртаюцца.
|